Быць патрыётамі

12.05.2024

12 мая Беларусь адзначае Дзень дзяржаўных сімвалаў.

Нашы дзяржаўныя сімвалы – увасабленне незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яскравае сведчанне пераемнасці гістарычных традыцый і адвечнага імкнення народа да міру і стваральнай працы.

На базе гімназіі адбыўся святочны рытуал ушанавання Дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Аўсяннікава, намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Наталля Чарнушэвіч, прадстаўнікі Слуцкай раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў, вучні школ горада.

У гонар Дня Дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, якія аб’ядноўваюць мільёны патрыётаў нашай Радзімы, ва двары навучальнай установы старшынёй Маладзёжнага парламента па рэалізацыі ініцыятывы “Горад дружалюбны дзецям і падлеткам”, вучаніцай 10 класа гімназіі  Анастасіяй Ажэўскай быў урачыста ўзняты Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

З правітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся першы сакратар Слуцкай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, старшыня Слуцкага раённага каардынацыйнага савету грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Мікалай Калядка.

Згодна з традыцыяй, якая існуе ў нашай краіне, ад імя маладога пакалення Слуцкага раёна вучні нашай гімназіі, пераможцы спаборніцтваў і алімпіяд, даследчых і спартыўных конкурсаў прынеслі Клятву вернасці дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь.